герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Тематический указатель "Память нужна живым..."

Память нужна живым…

: тема Великой Отечественной войны в произведениях литераторов Гомельщины

Сачанка Барыс Іванавіч

Нарадзіўся будучы пісьменнік 15 травеня 1936 года ў в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Б. Сачанку не было і шасці гадоў, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. У 1943 годзе фашысты спалілі Вялікі Бор, у агні загінула 128 аднавяскоўцаў, астатніх жахароў вёскі вывезлі ў Нямеччыну. Сям’я Сачанкаў аказалася ў ліку тых, каго вывезлі ў Германію. Трагедыя маленства праходзіць амаль праз усю творчасць Барыса Іванавіча. Убачанае і перажытае Барысам Сачанкам яшчэ дзіцём, знайшло сваё адлюстраванне ў творах “Чужое неба”, “Апошнія і першыя”, “Палон” і інш.

У 1945 г. Барыс Сачанка пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі, а пасля заканчэння Хойніцкай сярэдняй школы, дзе вучыўся яшчэ адзін славуты сын Гомельшчыны Іван Паўлавіч Мележ, у 1955 г. паступае на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1960 годзе. Пад час вучобы падпрацоўваў карэктарам у рэдакцыі часопіса “Вожык”. Друкаваць свае творы Барыс Сачанка пачаў яшчэ будучы студэнтам. У 1956 годзе часопіс “Маладосць” надрукаваў апавяданне “Плынь”. У сааўтарстве з Янкам Сіпаковым і Рыгорам Барадуліным пад псеўданімамі І. Сібарсач ці Р. Сібарсач змяшчалі ў “Вожыку” вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі.

Барыса Іванавіча ведаюць не толькі як цудоўнага празаіка, але як і крытыка, публіцыста, перакладчыка, актыўнага грамадскага дзеяча.

Творы пісьменніка перакладзены на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую, французскую і іншыя мовы.

5 ліпеня 1995 года Барыс Іванавіч памёр у сваім рабочым кабінеце. Пахаваны на Усходніх (Маскоўскіх) могілках у Мінску.

*************

Вядучай тэмай у творчасці Б. Сачанкі стала вайна. У аповесці «Пакуль не развіднела» пісьменніку ўдалося стварыць надзвычай запамінальны вобраз маладой дзяўчыны Юлі, якая ў крытычных абставінах праяўляе не толькі знаходлівасць, кемлівасць, але і вялікую духоўную сілу, мужнасць.

Па заданню камуніста-падпольшчыка Юля выбіраецца ў небяспечную дарогу — ноччу, праз многія населеныя пункты, у якіх поўна паліцаяў, спяшаецца да партызан, каб папярэдзіць іх, што на світанні гітлераўцы прыедуць паліць вёску Доўгі Мох. Ёй нельга спазніцца ні на хвіліну, нельга не выканаць заданне, бо гэта можа стаць прычынай жахлівай трагедыі. Лёс соцень людзей цяпер фактычна ў яе руках. Ці мае яна ў гэтай сітуацыі права на ўласны страх, на нейкую слабасць? Вядома ж, не мае. I дзяўчына, пераадольваючы сябе, упарта ідзе наперад.

На нашых вачах з бесклапотнага падлетка яна вырастае ў сур'ёзнага, сталага чалавека, якому ўласціва высокае пачуццё адказнасці, глыбокая ідэйная перакананасць, імкненне любой цаной, нават, калі запатрабуецца, цаной уласнага жыцця, дапамагчы таварышам па барацьбе, уратаваць ні ў чым не вінаватых жыхароў вёскі.

Вартасць аповесці, можа, перш за ўсё ў тым і заключаецца, што аўтар глыбока раскрывае дыялектыку юнай душы, псіхалагічна дакладна паказвае характар дзяўчыны. Разам з тым вобраз Юлі выпісаны з той доляй абагульнення і тыпізацыі, якая ператварае аповесць у мастацкае даследаванне маральных і ідэйных устояў савецкага чалавека, яго псіхалагічных магчымасцей ва ўмовах смяртэльнай небяспекі.

Важным, у пэўнай ступені якасна новым крокам для Барыса Сачанкі была аповесць «Апошнія і першыя». Аповесць, якую з поўным правам можна назваць яшчэ адной, жудаснай у сваёй праўдзівасці, старонкай народнай трагедыі, яркім і гнеўным абвінавачаннем зверстваў, таго дзікага разгулу, што чынілі на нашай зямлі гітлераўскія захопнікі.

Пісаць такія кнігі невераемна цяжка. Усю меру пакут, якую спазналі ў гады мінулай вайны нашы людзі, пісьменнік як бы прымае на сябе, адкрываючы сваю душу насцеж нечуванаму, невымернаму чалавечаму гору. Пісаць пра такое можна толькі сапраўды крывёю ўласнага сэрца. I невыпадкова, мусіць, чытаючы «Апошніх і першых», увесь час не пакідае ўражанне, нібыта дакранаешся да аголенай, балючай раны.

...Карнікі акружылі вёску і ўсіх яе жыхароў каго расстралялі, каго спалілі жывым у пякельным агні. Уратавалася ад згубы толькі адна душа — падлетак Ясік. Прадчуваючы бяду, маці яшчэ з вечара паслала яго ў суседнюю вёску, занесці цётцы Лісавеце малака. А калі назаўтра раніцою хлопчык вярнуўся ў родную вёску, то замест хат ён убачыў адно тлеючае вуголле ды горкі дым, што сіратліва курыўся на папялішчах. Дзе ж людзі? Дзе яго мама?! Дзіцячы розум адмаўляецца верыць у тое, што бачылі вочы, не хоча думаць, што здарылася жахлівае, непапраўнае.

Такі, у двух словах, сюжэт аповесці. Падкрэслена просты, немудрагелісты. I, думаю, зроблена гэта свядома. Засяродзіўшы ўвагу не на знешніх падзеях, а на ўнутраным свеце хлопчыка, на яго пачуццях і перажываннях, пісьменнік змог надзвычай глыбока раскрыць душэўную трагедыю Ясіка.

Невыпадкова выбраны і галоўны герой аповесці, ад імя якога вядзецца апавяданне. Паказваючы нам падзеі вачыма падлетка, проціпастаўляючы яго чысты, светлы, паэтычны свет усяму пачварнаму, жорсткаму і бесчалавечнаму, што нясуць з сабою карнікі, аўтар дабіваецца высокай трагедыйнасці зместу, непараўнана больш моцнага эмацыянальнага ўздзеяння на чытача.

«Апошнія і першыя» — твор, які не ўмяшчаецца у рамках звыклых вызначэнняў. Сам жыццёвы матэрыял, пакладзены ў аснову аповесці, задума аўтара — стварыць своеасаблівы рэквіем ахвярам вайны — запатрабаваў і асаблівай, незвычайнай формы, пошуку новых мастацкіх сродкаў. Упершыню, бадай, у сваёй творчасці Барыс Сачанка пайшоў на спалучэнне эпічнасці, лірычнай споведзі і страснай публіцыстыкі. Упершыню выкарыстоўвае побач з традыцыйна рэалістычным адлюстраваннем рэчаіснасці і такія мастацкія сродкі, як сімволіка, алегорыя, устаўныя легенды, прытчы. Заўважым: задоўга да таго, як гэтыя сродкі зноў сталі модныя ў нашай літаратуры.

Аповесць у многіх адносінах была наватарскай. І ў першую чаргу ў тым, што смела ламала застарэлую звычку ілюстрацыйнасці, абмежаванага паказу рэчаіснасці, засведчыла высокую жыццесцвярджальнасць трагедыі, заснаванай на новым сацыяльным матэрыяле, выявіла тэндэнцыю да абагульнена-філасофскага асэнсавання фактаў.

Іменна гэтую якасць “Апошніх і першых” як вызначальную адзначыў у сваім дакладзе на VI з'езде пісьменнікаў рэспублікі старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Максім Танк. “Трагедыю палескай вёскі Рудні, спаленай фашыстамі, – сказаў ён, –Барыс Сачанка змог перадаць як трагедыю ўсяго народа, над якім навісла пагроза знішчэння ўзброенымі да зубоў людаедамі XX стагоддзя. Убачанае вачыма выпадкова ўцалелага хлопчыка Ясіка, трагедыя вёскі Рудня не толькі хвалюе, але і выклікае ў сэрцы чытача магутны пратэст супраць бесчалавечнасці фашызму, гучыць актуальна….”

Пра вайну Барысам Сачанкам напісана нямала. Акрамя памянёных можна назваць яшчэ такія творы, як «Палон», «Не, не ўсё роўна», «Аксана», «Чужое неба»... Здавалася б пісьменнік ужо вычарпаў да дна назапашаныя ўражанні і назіранні, сказаў, што хацеў і меў сказаць. Але не. Праходзіць нейкі час, з'яўляецца новы твор — і мы пераконваемся, што Барыс Сачанка ў адлюстраванні падзей мінулай вайны адкрывае ўсё новыя і новыя аспекты.

Сведчанне таму — раман «Вялікі Лес».

Тут у гэтым творы, значна пашыраны рамкі даследавання бытавога ваеннага матэрыялу. I разам з тым ён з'яўляецца арганічным працягам творчых пошукаў пісьменніка, які імкнецца з залежнай паўнатой раскрыць псіхалогію, настрой і паводзіны чалавека на часова акупаванай тэрыторыі, паказаць вытокі няскоранасці, мужнасці і гераізму савецкіх людзей.

Раман багаты на падзеі, населены многімі цікавымі людзьмі з яркімі, самабытнымі характарамі. Сапраўдная ўдача аўтара, на наш погляд,–– вобраз Мікалая Дарошкі. Вобраз, які намаляваны не адной фарбай, а мае багата адценняў. На першы погляд, гэта чалавек даволі хцівы, з моцнымі ўласніцкімі імкненнямі. Яго пэўная жорсткасць, катэгарычнасць і заўсёдная панурая маўклівасць адштурхоўваюць нават сыноў. Але ёсць у гэтым чалавеку і многія прывабныя рысы, тая аснова, на якую можна абаперціся. Дарошка моцны сваёй працавітасцю, маральнай устойлівасцю. Менавіта яна, гэтая аснова, і памагла яму выстаяць, не зламацца ў часіну суровага выпрабавання.

Вострадраматычнае, нават трагічнае ў творы суседнічае са звычайным, паўсядзённым. Чытач сутыкаецца не толькі з самаадданасцю, самаахвярнасцю, але і з абыякавасцю, баязлівасцю, дэзерцірствам і нават адкрытым здрадніцтвам. Гэта робіць раман поліфанічным, напружаным, глыбока праўдзівым.

Адкуль жа гэта мера праўдзівасці ў пісьменніка, які сам не ваяваў, многага не бачыў, не перажыў, а тое, з чым сутыкаўся, успрымаў вачыма дзіцяці? Калі пачалася вайна, Барысу Сачанку не было і шасці гадоў. Справа, відаць, у тым, што ўчэпістая дзіцячая памяць куды больш багатая, чым у дарослага чалавека, а дзіцячае ўспрыманне ўсялякай ненармальнасці (а вайна была самай вялікай ненармальнасцю), непараўнана больш рэзкае, чуйнае, вострае. Не трэба забываць і такой акалічнасці. «Вайна, — піша ў аўтабіяграфічнай нататцы Барыс Сачанка,— прымусіла ўсіх, у тым ліку і многіх маіх равеснікаў, пасталець адразу год на дзесяць, пабачыць на свае вочы крывавы прывід смерці, зведаць жудасць разбурэнняў, голад і няволю».

Убачанае, пачутае, перажытае ў дзяцінстве засталося на ўсё жыццё. «Попел спаленых хат, смерць блізкіх і цяпер яшчэ халодзіць нашы сэрцы», — скажа пазней Барыс Сачанка. Скажа не толькі для таго, каб растлумачыць вытокі свайго прыцягнення да ваеннай тэмы, вызначыць ролю тых далёкіх дзіцячых уражанняў у сваім жыццёвым лёсе («пісьменнікам мяне зрабіла вайна»), але і даць адказ на пытанне, чаму ён зноў і зноў вяртаецца да гэтай тэмы. «Я не маю права, каб не вярнуцца. Тыя, хто нарадзіўся пазней і хто не бачыў, што такое фашызм ва ўсіх яго праявах, павінны веаць пра яго хоць бы з кніг. Асабліва гэта неабходна цяпер, калі над светам паўстаў атрутны атамны грыб і калі зноў падымае галовы ўсякая недабітая фашысцкая погань, рыхтуючы новыя забойствы і новыя разбурэнні». I яшчэ: «...няма, не можа быць больш сучаснай тэмы, як гэтая. Бо калі не адстаім мір, калі, не дай бог, успыхне новая вайна, усе самыя актуальныя, як некаторым здаецца, тэмы і праблемы адыдуць на задні план. Размова ж сёння ідзе не проста пра вайну, а быць ці не быць чалавецтву, нашай планеце наогул. Пісаць праўду аб вайне — гэта нагадваць людзям пра перажытае, прымушаць думаць, рабіць усё неабходнае, каб ніколі больш не было вайны».

// Барыс Сачанка: віртуальны музей аднае асобы. — Рэжым доступу: http://sachenko.iatp.by/
// Зіновій Прыгодзіч. — Режим доступа: http://sachenko.iatp.by/HTML/str22.html

© ГУ "Гомельская центральная библиотека им. А.И. Герцена"

скачать софт