герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Тематический указатель "Память нужна живым..."

Память нужна живым…

: тема Великой Отечественной войны в произведениях литераторов Гомельщины

Казько Віктар Апанасавіч

Празаік. Нарадзіўся 23.04.1940 г. у горадзе Калінкавічы Гомельскай вобласці ў сям'і рабочага. Выхоўваўся ў вільчанскім і хойніцкім дзіцячых дамах на Палессі. Пасля заканчэння васьмі класаў (1956) паехаў у Кузбас, дзе паступіў вучыцца ў горнапрамысловую навучальню. Скончыў Кемераўскі індустрыяльны горны тэхнікум (1962). Працаваў на шахце, у геолагаразведцы праходчыкам (Кемераўская вобласць). З 1962 г. на журналісцкай рабоце — загадчык аддзела прамысловасці таштагольскай гарадской газеты «Красная Шорня» (Кемераўская вобласць), карэспандэнт абласнога радыё, літсупрацоўнік абласной газеты «Комсомолец Кузбасса». У 1970 г. скончыў завочна Літаратурны інстытут у Маскве. З 1971 г. жыве ў Менску. Быў літсупрацоўнікам газет «Чырвоная змена», «Советская Белоруссия», у 1973-1976 гг. — літсупрацоўнік аддзела прозы часопіса «Неман». У 1986-1988 гг. — сакратар праўлення СП БССР. У 1986 г. у складзе дэлегацыі Беларускай ССР удзельнічаў у рабоце ХL сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1973 г. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

Друкуецца з 1962 г. Першыя апавяданні ў друку Беларусі апублікаваў у 1971 г. Спачатку пісаў на расейскай, затым на беларускай мове.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола (1977) за кнігу «Здравствуй и прощай», Дзяржаўнай прэміі БССР за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей (1982) - за аповесць «Суд у Слабадзе».

***********

Дзеці вайны — апошнія яе сведкі. Да такога пакалення пісьменнікаў у нашай літаратуры належыць Віктар Казько. Яго «Хроніка дзетдомаўскага сада» - гэта хроніка і ўласнага жыцця.

Цэментуючай асновай у рамане «Хроніка дзетдомаўскага саду», дзе спалучыліся падзеі мінулай вайны і сённяшняга дня, з'яўляецца сад. Калісьці яго пасадзіў Трахім Трубецкі, які верыў, што дрэвы — гэта працяг чалавечага жыцця, сувязь пакаленняў. Чалавек, на думку героя твора, жыве, «пакуль пра яго не забыліся»: «Пасаджанае табою дрэва — гэта ты сам, гэта чалавек, працяг яго ў вяках... Людзі пра яго не забудуцца, сад будзе расці». Аднак у гады вайны сад быў знішчаны фадіыстамі. Але зноў зашапацелі маладой лістотай дрэвы сада, які пасля вайны аднавіў дырэктар дзіцячага дома Мар'ян Знавец са сваімі выхаванцамі. Клопаты пра сад аб'ядналі герояў твора, зблізілі іх духоўна. У барацьбе з Сідарам Місцюком, які на месцы сада пабудаваў сваю хату, маральную перамогу атрымалі дырэктар і яго выхаванцы. Сад для іх, як і прырода наогул, — гэта аснова чалавечага жыцця, яго будучыні.

Большасць яго глыбока псіхалагічных твораў маюць аўтабіяграфічную аснову: «Аповесць аб беспрытульным каханні», «Суд у Слабадзе», «Высакосны год».

В. Казько шырока выкарыстоўвае міфы, легенды, біблейскія матывы і сюжэты, якія дапамагаюць глыбей выявіць часавую аўтарскую канцэпцыю. “Умоўнасць – адзін са сродкаў “злучэння часу”, калі гістарычны і пазагістарычны вопыт народа ўваходзіць у сучаснасць, дапамагаючы яе асэнсаванню. Разам з тым героі В. Казько, апынуўшыся ў фантастычным свеце, дзе нішто іх не абмяжоўвае, раскрываюць свае сапраўдныя якасці і тыя патаемныя думкі, якія не дазваляюць жыць “спакойна”.

Напрыклад, у аповесці “Высакосны год” фантасмагарычная сцэна з пастаўшымі з магіл нябожчыкамі, ахвярамі вайны, сярод якіх маці і сястрычка Дзімы Прыгоды, як бы вяртае час назад і тым самым аблягчае душу героя, здымаючы з яе ўвесь цяжар віны за злачынствы іншых, за тое, што ён застаўся жывы. У “Аповесці аб беспрытульным каханні” зноў у цэнтры праблема памяці, якая абвастрае душэўныя пакуты галоўнага героя Андрэя Разоркі. Умоўныя сны-мроі дазваляюць аўтару выявіць глыбокі кантраст паміж прыдуманым светам і жорсткай ваеннай рэчаіснасцю. Страшэннае, бесчалавечнае мінулае ў аповесці ўвасабляецца і ў сімвалічны вобраз чорнага сабакі-здані, які мроіцца герою.

Аповесць «Суд у Слабадзе» прысвечана тэме апаленага вайной жыцця не толькі дарослых, але і дзяцей, у якіх аднялі маленства. Яна завяршае цыкл твораў пра вайну. У аснове твора ляжаць сапраўдныя падзеі. Аўтар паказаў жорсткае аблічча фашысцкіх вылюдкаў-вампіраў, якія ў гады вайны ператваралі палонных дзяцей у донараў для сваіх салдат і афіцэраў.

Слабада. Пасляваенны час. Галоўны герой, падлетак Колька Лецечка, ужо каторы месяц жыве ў спецдзетдоме, не ведаючы свайго мінулага. Яго прызналі “недаробкам”, пасадзілі з другімі дзецьмі ў ізалятар. Ён кахае прыгожую дзяўчынку Лену Лазу, у яго ёсць сябры і ўсё ідзе добра. Але аднойчы, вартаўнік дзетдома Захар’я паведаміў, што яго ўжо заве да сябе зямля і на світанку бедны малы памрэ. З тых пор кожную раніцу Колька прачынаецца ў страху, але не верыць у сваю скорую пагібель. За тыя дні, пакуль ён чакаў смерць, адбылося вельмі шмат важных падзей. Лецечка першы раз цалуе сваю каханую, якая быццам і не з ім цалуецца, даведваецца аб мінулым бабы Зосі і Захар’і, але самае важнае, канечне, тое, што ў Слабаду прывозяць на суд паліцэйскіх. Да гэтага моманту Колька аб сваім маленстве памятае толькі таямнічы пакой і як яго адтуль выцягнулі салдаты Савецкай Арміі, забраўшы малога ў шпіталь. Калі той зноў навучыўся хадзіць, яго аддалі ў дзетдом. Гэта было ў яго памяці. Але расказы паліцэйскіх на судзе адамкнулі дзверы да мінулага хлопца, паказаўшы, як фашысты аднялі яго ў маці, забралі ў свой канцлагер, і там забіралі ў такіх як ён дзяцей кроў для параненых нямецкіх салдат і афіцэраў. Праўда знішчае Кольку. Лена Лаза ўжо пакахала другога, і зламаны маральна Лецечка апошні раз жадае сябрам “добрай ночы”. Пахавалі Кольку Лецечку ў вялікае свята – дзень вызвалення горада ад нямецкай акупацыі.

Калі традыцыйна чорнае сімвалізавала смерць, а белае – жыццё, то пасля ўсіх жахаў, што перанёс Коля Лецечка ў фашысцкім “кіндэрхайме”, для яго і чорнае, і белае сімвалізуюць смерць, жахі вайны. Пісьменнік паказаў, што менавіта вайна знішчыла гэту палярызацыю, бо эсэсавец у чорнай форме і доктар у белым халаце адбіралі ў дзяцей жыццё. Асаблівае напружанне выклікае карціна страшнага падарожжа хлопчыка па шляху, што ўсланы чалавечымі целамі, якая сведчыць пра жудаснае аблічча вайны. На думку М. Тычыны, “герой аповесці “Суд у Слабадзе” нагадвае міфічнага Іова: ён таксама абраны лёсам – Лецечку выпала выпрабаванне памяццю аб перажытым у гады вайны…”. Такім чынам, у сваіх першых аповесцях В. Казько паказаў, што вайна, звярыная сутнасць фашызму знішчаюць у чалавеку ўсё самае лепшае – памяць, права на будучыню, на працяг свайго роду.

// Саюз беларускіх пісьменнікаў. — Рэжым доступу: http://lit-bel.org/by/friends/354/371.html

© ГУ "Гомельская центральная библиотека им. А.И. Герцена"

скачать софт