Член Саюза пісменнікаў Беларусі, Саюза пісменнікаў Саюзнай Дзяржавы, Беларускага саюза журналістаў.
Тамара Кручэнка нарадзілася 30 мая 1955 года ў г. Мядзел на Міншчыне.
Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1977), атрымала прафесію выкладчыка беларускай і рускай мовы і літаратуры. З 1978 года жыве і працуе ў Гомелі ў сродках масавай інфармацыі: карэспандэнт шматтыражнай газеты на Гомельскім шклозаводзе, рэдактар газеты Гомельскага радыёзавода, журналіст, рэдактар аддзела сацыяльна-эканамічных праблем абласной газеты «Гомельская праўда» (1995 - 2022).
Са шматлікімі краязнаўчымі і літаратурнымі артыкуламі Тамары Кручэнкі можна пазнаёміцца на старонках газеты “Гомельская праўда”.
Т. Крючэнка вяла аўтарскія рубрыкі «Літаратурная гасцёўня», «Нашай долі адгалоскі». Героямі рубрыкі "Нашай долі адгалоскі" сталі жыхары вёсак, якія перажылі на сваім вяку нямала цяжкасцей, але не страцілі любові да жыцця і беражліва захоўваюць народныя традыцыі.
Узнагароджана знакам "Выдатнік друку Беларусі", у 2018 годзе - Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, у 2020-м - расійскім медалём "75 гадоў Вялікай Перамогі", у 2021 годзе – медалём «Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру».
Паэт, празаік, публіцыст. Піша на беларускай і рускай мовах. У Саюзе пісменнікаў Беларусі з 2005 года. Са снежня 2006 – галоўны спецыяліст Гомельскага обласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Аўтар паэтычных кніг “Край бацькоўскі”, “Ад берагоў Дзясны да Сожа”, “Прысвячэнне”, “Родны бераг”, а таксама зборнікаў публіцыстыкі “Лёсаў зорныя імгненні”, “Майскі сад”.
Сааўтар калектыўных зборнікаў, якія выходзілі ў Беларусі, Расіі і ва Украіне. З 2014 года актыўна ўдзельнічае ў праекце "Берагі дружбы" як перакладчык паэзіі розных аўтараў на беларускую мову.
Паэзія Тамары Кручэнкі шматгранная і разнастайная па сваёй тэматыцы. Аўтар з любоўю піша пра знаёмыя з дзяцінства мясціны, захапляецца прыродай роднага краю, прысвячае вершы любімай Гомельшчыне. У Тамары Віктараўны шмат вершаў з прысвячэннем беларускім паэтам: Максіму Танку, Анатолю Грэчанікаву (якога паэтка лічыць сваім Настаўнікам), Мікалаю Мятліцкаму, Ігару Журбіну, Лідзіі Долбікавай, Леаніду Северу.
Вялікую ўвагу паэтка ўдзяляе тэме Вялікай Айчыннай вайны і аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тэму Вялікай Айчыннай вайны Т. Крючэнка выбрала яшчэ школьніцай і, працуючы ў розных СМІ, не раставалася з ёй. Нарысы, інтэрв'ю і замалёўкі аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, напісаныя аўтарам у розныя гады, сталі матэрыялам для напісання дзвюх кніг - "Лёсаў зорныя імгненні" (2014) і "Майскі сад" (2022). Гэтыя кнігі аўтар прысвяціла абаронцам Айчыны, якія жывуць і пайшлі. У 2014 і 2022 гадах кнігі сталі лаўрэатамі абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага.
Тамара Віктараўна - аўтар шэрагу літаратуразнаўчых і крытычных матэрыялаў. Напісала прадмовы да кнігі Уладзіміра Гаўрылавіча “Палешукі”, зборніка вершаў “Сум колеру бурштыну” Алены Мацвеенкі, кніг Галіны Нячаевай і Надзеі Дзмітрыевай.
Тамара Кручэнка - лаўрэат шэрагу міжнародных літаратурных прэмій – Баяна (Расія), Рыгора Патэльні (Украіна), імя Аляксандра Капусціна (Беларусь), а таксама абласнога літаратурнага конкурсу імя Кірылы Тураўскага (1997) і аднайменнай літаратурнай прэміі (2014, 2018 і 2022 гады) у намінацыях публіцыстыка» і «паэзія».